«АРХІ́Ў ФЮР СЛА́ВІШЭ ФІЛАЛАГІ́»

(«Archiw für slavische Philologie», «Архіў славянскай філалогіі»),

адзін з першых славістычных часопісаў. Выдаваўся ў 1876—1929 у Берліне на ням. мове. Выйшлі 42 тамы. Заснавальнік і першы рэдактар В.​Ягіч. Узняў славістыку да ўзроўню міжнар. навукі. Знаёміў вучоных Зах. Еўропы са слав. культурамі, у т. л. беларускай. Змясціў больш за 20 публікацый па беларусістыцы, у т. л. «Беларускі Codex miscellaneus з бібліятэкі графа Рачынскага ў Познані» (т. 9), «Сляды кувады на Беларусі» Ягіча (т. 9), «Польска-рускія інтэрмедыі XVII ст.» А.​Брукнера (т. 13), «Новыя славянскія зборнікі казак» І.​Паліўкі (т. 19). На старонках часопіса рэцэнзаваліся амаль усе значныя выданні па бел. фальклоры канца 19 — пач. 20 ст., многія даследаванні па бел. мове. Публікацыі абуджалі цікавасць да культуры бел. народа, спрыялі развіццю даследаванняў па бел. праблематыцы.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 1, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)